Папярэдні запіс Share Наступны запіс
Ушанаванне дзядоў на курганах на Радаўніцу: мінулае і сучаснасць
дзед
zmicierbielapol
З 2005 г. з сябрамі ды іншымі ахвотнымі мы наведваем курганы ў Барысаве на Радаўніцу і Дзяды. Даглядаем і прыбіраем пахаванні продкаў, ушаноўваем дзядоў. Разам з гэтым таксама наведваем і свае могілкі. Прыклад святкавання на курганах натхніў людзей і ў іншых мясцовасцях. Хаця і без нас раней таксама так рабілі і робяць.

Праца, як частка рытуальных дзеянняў, і сам абрад на сярэднявечных курганах – гэта сучасная форма ўшанавання дзядоў, якая грунтуецца на новым успрыманні гісторыі і культу продкаў. Можна ў адказ сказаць, што вядомы этнаграфічныя запісы ХІХ-ХХ стст., якія распавядаюць пра тое, што людзі прыходзілі на курганы на Радаўніцу.

Працытую слоўнік “Беларуская міфалогія”: “Яшчэ ў пачатку ХХ ст. на Чэрвеньшчыне i Дзiсеншчыне захоўваўся звычай — перш чым iсцi на магiлы сваiх блiзкiх, людзі заходзiлi на курганныя могiльнiкi (магiлы сваiх далёкiх продкаў). Курганы падсыпалi, на iх вяршынi закопвалi пятку афарбаванага яйка i пакiдалi крыху ежы. Бывала, разводзiлi вогнiшчы або высыпалi на вяршынi курганоў вуголлi, прынесеныя з печы з дому. Гаршчок, у якiм неслi вуголлi, разбiвалi ўшчэнт. На Лепельшчыне яшчэ ў канцы XIX — пачатку ХХ ст. у гэты дзень моладзь прыбiрала курганы зелянiнай i потым вадзiла з песнямi карагоды. Аб колiшнiх святкаваннях Радаўніцы на курганах сведчаць назвы курганных могiльнiкаў — Карагодзiца, Гуслiшчы, Цымбалы, Дудкi”.

Аднак у гэтым ўрыўку мы бачым, перш за ўсё, сучасную інтэрпрэтацыю даследчыка, які ўспрымае курганы як “магiлы сваiх далёкiх продкаў”. Гэтая ідэя кіруе намі, калі мы наведваем курганы на Радаўніцу і Дзяды. Гэтая ідэя сёння вядома нам і распаўсюджана таму, што дзякуючы гістарычнай адукацыі, мы ведаем, што такое курганы, што пахаваныя там людзі – гэта нашы продкі. Аднак ці была такая матывацыя ў тых, хто ў ХІХ ст. прыходзіў на Радаўніцу на курганы і здзяйсняў абрадавыя дзеянні?

Натуральна, што для тых, хто жыў ў Х – ХІІ стст., гэтыя курганы ўспрымаліся, як магілы сваіх продкаў. Археалагічныя дадзеныя сведчаць пра тое, што многія могільнікі існавалі працяглы час, некалькі стагоддзяў, нягледзячы на рэлігійна-канфесійныя змены. Гэта яскрава сведчыць пра тое, што пахавальныя мясціны лічыліся “сваімі”. Нельга сказаць дакладна, але магчыма, што і дадатковыя пахаванні ў сярэднявечныя курганы, што рабіліся дзе-нідзе ў XVI-XVII стст., могуць сведчыць пра тое, што старажытныя курганы яшчэ маглі ўспрымацца ў якасці пахаванняў дзядоў. Але нават гэта ўжо ёсць выключэннем, а не правілам. Уключэнне курганоў у склад вясковых могілак таксама магло быць абумоўлена падобнымі разважаннямі, хаця з цягам часу курганы ўжо не лічыліся магіламі дзядоў, а былі ўжо нейкімі “французскімі” магіламі.

Тут мы сутыкаемся з асаблівасцямі радавой памяці. Можна прыгадаць даследаванні беларускага этнолага У.Лобача і літоўскага гісторыка Р.Пятраўскаса. Аўтары, хоць і разглядалі розныя храналагічныя перыяды, розную тэрыторыю і этнакультурныя супольнасці, прыйшлі да падобных высноваў. Характэрным было гарызантальнае ўспрыманне роду. Больш важным было ведаць сваякоў, якія жывуць сёння, чым пералічыць асабістых продкаў да сёмага калена. Вертыкальнае ўспрыманне звычайна абмяжоўвалася памяццю пра дзеда/прадзеда, а пасля продкі пераходзілі ў агульны стан “дзядоў”, калі імя і індывідуальныя рысы не былі істотнымі. Гэта адлюстравалася і ў ведах пра пахаванні: ведаюць магілы блізкіх дзядоў, а іншых ужо не. У лепшым выпадку гаворка будзе ісці пра пэўны “свой” участак на могілках. Генеалагічная радавая памяць з’явілася, перш за ўсё, у шляхты. І з цягам часу гэты тып памяці распаўсюдзіўся ў грамадстве. У час актыўных нацыятворчых працэсаў з’явілася яшчэ адна навацыя – успрыманне адзіных каранёў вялікіх супольнасцяў, адчуванне адзінства паходжання і агульных продкаў. Якраз тады і прыйшло разуменне, што пахаваныя ў курганах – гэта “сваі” продкі.

А што было паміж сярэднявеччам і зараджэннем сучаснай нацыі? Пра гэта сведчаць нават сучасныя вяскоўцы. Працытую ўрывак з артыкулу У.Лобача “Курганы, гарадзішчы, скарбы: «вясковая археалогія» на тэрыторыі Віцебшчыны ў ХІХ–ХХ стст”: “Трэба адзначыць, што трапяткога і пашанотнага стаўлення да чалавечых парэшткаў, якія знаходзіліся ў разбураных курганах, сяляне не мелі, бо трактаваліся яны як пахаванні «чужынцаў», гэта значыць, не валодалі сакральным статусам, у параўнанні з магіламі продкаў”; “масавыя факты знішчэння курганоў у гаспадарчых мэтах відавочна пярэчаць тэзісу археолага Л. Дучыц аб трапяткім і беражлівым стаўленні вяскоўцаў да археалагічных помнікаў”; “…курганы трывала суадносяцца ў традыцыйным светапоглядзе са сферай «чужога». У катэгорыю «свайго» адназначна не траплялі курганныя пахаванні, якія трывала суадносіліся з «іншымі» часамі («не пры нашай памяці») і людзьмі (веліканамі, французамі, шведамі, татарамі): «І возле гэтых курганаў наша кладбішчэ» [ПЭЗ 2011/1, 275]. Прынамсі, за 20 гадоў палявых даследаванняў на тэрыторыі Беларускага Падзвіння словазлучэнне «нашы курганы (валатоўкі)» не было зафіксавана ні разу”.


Гэты фрагмент, як і іншыя звесткі аўтара кажуць пра тое, што курганы ў традыцыйнай культуры не ўспрымаліся ў якасці магілаў продкаў. Гэта былі “чужыя” магілы. Чужых ў міфалагічным аспекце (магілы асілкаў), этнічным (французы, шведы), сацыяльным (вайскоўцы). Дык а як жа тады абрадавыя дзеянні на курганах на Радаўніцу, пра якія згадвалася раней?

Тут справа не ў тым, што курганы лічыліся магіламі продкаў, а, відаць, у тым, што курганы, па-першае, былі пахаваннямі, а па-другое, суадносіліся з “чужым” светам, з іншасветам: “Семантычная нагрузка курганоў…у міфапаэтычнай карціне свету вынікае з іх падкрэсленай вылучанасці як са свету прыроды (паўсферычны курганны насып не маюць непасрэдных прыродных аналогій), так і з прасторы культуры (створанай, культываванай чалавекам). У апошнім выпадку мяжа паміж археалагічнымі помнікамі і «сваім» светам для вяскоўца праходзіць па часавай шкале (што не выключае і прасторавага адмежавання, бо вельмі часта курганы…размяшчаюцца ў прыроднай зоне, якая не належала чалавеку). Гэта азначае, што і «валатоўкі» і «гарадкі», нягледзячы на штучны (не-прыродны) характар іх паходжання, не ўпісваюцца ў актуальную калектыўную гісторыю вясковай грамады, а разглядаюцца толькі ў кантэксце «даўняй» (міфалагічнай, эпічнай) гісторыі, калі жылі і дзейнічалі «іншыя» людзі, памяць пра якіх захавалася на ўзроўні міфалагічных архетыпаў, а не персаналій” (У.Лобач).

У час святаў асабліва выразна акцэнтуецца ідэя мяжы паміж “сваім” і “іншым” светам, адбываецца ўзаемадзеянне прадстаўнікоў гэтага і таго свету. Адпаведна, на Радаўніцу на кургану людзі ішлі не каб ушанаваць  “сваіх далёкіх продкаў”, але людзі ішлі на курганы, бо тыя лічыліся месцам праявы “іншасвету” тут. Рытуальныя дзеянні ў такой мясціне з’яўляюцца больш эфектыўнымі, бо яны фактычна робяцца ў іншасвеце. Там прасцей дагрукацца “куды трэба і да каго трэба”. То бок на першым месцы быў сімвалічны статус курганоў, а не тое, хто быў там пахаваны.

Хаця ў гэтых асобных выпадках (а іх усяго вядома некалькі) не трэба выключаць, што і было нейкае разуменне пра продкаў на ўзроўні міфалагічных архетыпаў. Крыніцы пра гэта пакуль маўчаць. Магчыма, што была і нейкая інэрцыя. Быў звычай хадзіць на курганы на Радаўніцу, але ўжо не разумелі, чаму. Не ведалі, як былі звязаны курганы і свята ў гонар дзядоў. Проста рабілі, бо такі звычай, які нельга парушаць.

Сёння мы свядома ўшаноўваем сваіх далёкіх продкаў менавіта на курганах на Радаўніцу. Гэта сучаснае ўспрыманне. Гэта наш выбар, а не таму, што так калісьці рабілі продкі. Як бачна, у іх было крыху іншае разуменне. Мы маем супольнае ўяўленне пра продкаў. Гэта адначасова і міфалагічныя, і гістарычныя веды. Праца і абрад на курганах – гэта ўдалая форма ўшанавання продкаў для тых сучасных суполак, чальцы якіх не звязаны паміж сабою сваяцтвам. Так спалучаюцца і ўзмацняюцца як вертыкальныя, так і гарызантальныя сувязі.

Акрамя таго, курганы і іх тапаграфія – гэта яшчэ і адлюстраванне касмалагічных мадэляў, увасабленне ідэй пра той свет. Гэта сапраўднае сакральнае месца, дзе продкі здзяйснялі абрады. Таму курганы разам з іншымі старажытнымі пахавальнымі мясцінамі маюць важнае значэнне. Навуковае вывучэнне пахаванняў і пахавальнай традыцыі пры ўмове паважлівага стаўлення і прафесійнага выканання даследчыкамі сваіх абавязкаў таксама можа разглядацца ў якасці формы ўшанавання дзядоў і захавання памяці пра іх. Дзякуючы даследаванням далёкія продкі набліжаюцца да нас, мы лепш разумеем іх. З абстрактнага ўяўлення пра продкаў вымалёўваецца рэальны вобраз. І мы не толькі верым, але мы ведаем нашых продкаў. Дзяды не сыходзяць у нябыт.

Дагляд і ахова курганоў
яшчэ адна сучасная форма ўшанавання сваіх далёкіх продкаў; так не рабілі раней. Аднак гэтая праца мусіць быць не толькі па святах.



 

?

Log in