?

Log in

No account? Create an account
Папярэдні запіс Share Наступны запіс
Доля (тры долі)
akno
zmicierbielapol
Працягваем разгляд тутэйшых бостваў. У папярэдніх допісах ішла гаворка пра Бога (частка 1 і 2) і Маці-Зямлю.
Цяпер хацелася б звярнуць увагу на Долю, якая сустракаецца ў беларускіх фальклорных творах. У пэўных выпадках у іх разумеецца менавіта боства, а не проста вобраз-персаніфікацыя прадвызначанасці і лёсу, асабліва калі ў тэкстах згадваюцца тры долі.

Гэтая трыяда добра вядомая ў індаеўрапейскай міфалогіі. Класічныя прыклады: норны (Урд, Вердандзі і Скульд) у скандынаваў, мойры (Клота, Лахесіс, Атропас) у грэкаў, паркі (Нона, Дэцыма, Морта) у рымлян. У гэты ж шэраг можна аднесці славянскіх судзеніц і ражаніц. Яны апякаюць жанчын пры родах, прадуць нітку лёсу і вызначаюць лёс чалавека. Трыадзіны вобраз увасабляе мінулае, сучаснасць і будучыню. Звычайна яны апісваюцца як старыя альбо маладыя жанчыны. Часам сустракаюцца апісанні, дзе боствы адлюстроўваюць маладосць, спеласць і старасць.


здымак адсюль

Адметна, што этымалагічна імя Мойра ўзыходзіць да гр. μοῖρα, што і значыць “доля”. Імя скандынаўскай багіні Урд значыць “лёс, доля”, прычым, як лічыцца, у архаічнай скандынаўскай традыцыі асноўным імем багіні лёсу было Урд. Імя балцкай Лаймы значыць “шчасце, лёс, доля”. Таму не дзіўна, што ў беларускай традыцыі адпаведная багіня таксама мае такое ж імя на ўласнай мове – Доля. Гэтае імя боства мае карані яшчэ ў балцкай традыцыі нашых продкаў (параўн. літ. Даля) і адносіцца да балта-славянскай спадчыны. Слова “доля” роднаснае літ. dalia, dalis “частка, доля”, лат. daļa, dalis, прус dellieis.

Перш чым перайсці да разгляду звестак пра Долю, варта адзначыць некаторую інфармацыю пра багіні лёсу з іншай традыцыі, каб можна было параўнаць яе з паведамленнямі беларускіх крыніц. Для прыкладу возьмем старажытнагрэцкую традыцыю, якая добра прадстаўлена ў пісьмовых гістарычных крыніцах. Мойра – гэта архаічнае боства, вобраз якога, відаць, быў вядомы ў часы індаеўрапейскага адзінства. Вышэй ужо згадвалася, што імя Мойра значыць “доля”. Першапачаткова мелася на ўвазе менавіта доля, якую атрымлівае чалавек пры нараджэнні. З цягам часу мойры сталі разумецца не толькі як доля, але і як лёс і наканаванне. Былі вядомы ўяўленні пра адну ці дзве мойры. Найбольш распаўсюджаны міф пра тры сястры мойры (Лахесіс, Клота, Атропас). Лахесіс вызначала долю чалавека да нараджэння. Клота пляла нітку жыцця чалавека. Атропас набліжала непазбежную будучыню і абрывала нітку жыцця. Уяўляліся ў выглядзе старых жанчын. Лахесіс трымае вагі, Клота – верацяно, Лахесіс – кнігу жыцця і нажніцы. Таксама вядомы апісанні, згодна з якім, мойры – гэта жанчыны ў белай вопратцы з вянком на галаве. Мойры лічыліся сёстрамі. Бацькам называюць вярхоўнага бога Зеўса (Грымотнік, што пераняў функцыі старажытнага індаеўрапейскага Dyeus, Бацькі-Неба), які меў эпітэт “Мойрагет”, што значыць “той хто кіруе Мойрамі”. Лічылася, што Зеўс кіруе лёсамі людзей, яго волі падпарадкоўваецца вызначэнне лёсу і наканаванне. То бок мойры выконвалі волю Зеўса і падпарадкоўваліся яму. Аднак у міфах архаічнай традыцыі мойры дзейнічаюць самастойна і ўвасабляюць лёс, якому падпарадкоўваюцца і багі. Верагодна, сюжэт падпарадкавання мойраў Зеўсу быў вядомы не адразу, а з’явіўся ў працэсе развіцця грэцкай міфалогіі. Старажытныя грэкі маліліся мойрам ў час вяселля. У арфічным гімне мойры завуцца “збаўцамі смяротных у няшчасцях”. Гэты радок можа разумецца даволі шырока.

У балцкай традыцыі таксама вядома багіня лёсу, якая адпавядае агульнаіндаеўрапейскім уяўленням; да таго ж, прасочваецца траістасць вобразу. Напрыклад, латышскі фальклор згадвае пра тры лаймы. Як эпітэты багіні Лаймы, ці ў якасці двух іншых вобразаў з трыяды, выступаюць Дэкла і Карта. Можна выказаць меркаванне, што ў латышоў была трыяда жаночых бостваў лёсу: Лайма, Дэкла і Карта. Лайма вызначае лёс чалавека, з’яўляецца апякункай жанчын, дапамагае ў час родаў, спрыяе вяселлям. Паводля паданняў, яна дачка вярхоўнага бога Дзіеваса. У фальклоры яе атрыбутам называюць вянок.

У літоўцаў таксама вядома багіня лёсу Лайма, а яшчэ Даля, якая адказвае і за прадзенне (уяўленне пра нітку лёсу). Тэадор Нарбут пісаў, што ў літоўцаў захаваліся звесткі пра жаночае боства Верпею (літ. “праха”). Паводле падданняў, Верпея сядзела высока на небе, пляла ніткі лёсу, якія апускаліся ўніз. На канцы кожнай з іх была прымацавана зорка: чым больш працяглае жыццё, тым нітка была даўжэй, а зорка бліжэйшай да зямлі; таму літоўцы атаясамлялі маленькія зоркі з дзецьмі, а большыя – з дарослымі. Калі чалавек паміраў, тады перарывалася нітка лёсу і зорка падала ўніз. Са сказанага вышэй можна таксама выказаць меркаванне, што ў літоўцаў была трыяда жаночых бостваў лёсу: Лайма, Даля і Верпея.

Беларускія крыніцы не згадваюць прама пра багіню Долю (ці тры долі), аднак гэты вобраз аднаўляецца па іншых звестках. Знакаміты фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі запісаў паданне пра тры Долі, якія вызначаюць лёс чалавека пры нараджэнні. Долі ў гэтым варыянце падання выглядаюць як тры маладыя і вельмі гожыя дзяўчыны. Адзначаецца, што яны гуляюць на высокай гары каля ракі (касмалагічны індаеўрапейскі вобраз “нябеснай гары”), скачуць сярод кветак, купаюцца і голымі качаюцца па траве. Яны плятуць вянкі: адна з калючых траў (“асату і чартаплоху”), другая з галінак дрэў (“з калітак і вецця (доля рыбака і паляўнічага)”), трэцяя – з каласоў жыта і пшаніцы, які ўбраны кветкамі. Паводле падання, пасля таго, як зроблены вянкі, долі надзяваюць іх, бяруцца за рукі і бегаюць па полі. Лёс для дзіцяці яны вызначалі так: падкідвалі кветку з вянка: якая доля зловіць – такі лёс будзе мець чалавек.

Матруна Гаравых (в.Чудзін), ад якой Сержпутоўскі запісаў паданне, адзначае: “Доля добрая, та й жытка добрая”. Словы беларускай сялянкі нагадваюць словы “Высокага” (Одзіна) са “Старэйшай Эды”: “Добрыя норны надзяляюць добрым лёсам. Калі ж чалавеку выпалі на долю няшчасці, так судзілі злыя норны”. У беларускім паданні пра тры долі сцвярджаецца: “Яшчэ на раду чалавеку даецца доля. Каму якая трапіцца доля, такое ў яго й будзе шчасце. І што ты не рабі, як ты ні старайся, а нічога не парадзіш, калі доля ледашчыца. Калі ж доля спрыяе, та хоць ты ляжы на печы да грэй чэрава, а табе ўсё так і сыплецца, баццэ ў млыне збожжэ з каша”.

У адзначаным беларускім падані няма звестак пра тое, што долі прадуць нітку лёсу чалавека, аднак і гэты матыў можна выявіць у іншых крыніцах. У сувязі з гэтым можна прыгадаць беларускія народныя астронімы “Тры сястры” і “Прахі” (у літоўцаў сустракаецца астронім “Trys seselės verpėjos” – “Тры сястры прахі”), якімі пазначаюць тры зоркі Пояса Арыёна. Гэтыя назвы можна паспрабаваць патлумачыць міфалагічнымі ўяўленнямі пра тры долі, якія суадносіліся з гэтымі зоркамі. У замовах мы таксама знаходзім падобнае: “На небе есць тры зарніцы, воны ўсе тры сястрыцы” (БНТ, Замовы, №1312).

У міфалагічных уяўленнях беларусаў няма прамых звестак пра тое, ці падпарадкоўваецца Доля(і) вярхоўнаму боству і з’яўляецца выканаўцам яго волі, ці дзейнічае самастойна. У традыцыйных уяўленнях, Бог надзяляе доляй. Ды ўласна славянскае імя Бог этымалагічна роднаснае інда-іранскаму bаhа, bhaga – у першасным значэнні “ўдача”, “доля”. З гэтым словам этымалагічна звязана “багацце”. То бок Бог – гэта той, хто надзяляе доляй, шчасцем, дабрабытам. Відаць, і ў беларускай міфалогіі, паводле вядомых крыніц, Доля(і) падпарадкоўваецца і дапамагае Богу ў выкананні яго волі. Падобныя ўяўленні вядомыя, напрыклад, у грэцкай традыцыі, пра што ўжо была гаворка. У той жа час, запіс Сержпутоўскага ўтрымлівае канцоўку: “Дак от ат каго доля”, то бок, паводле тэксту, вызначэнне лёсу было справай доляў. На жаль, няма крыніц, якія былі б здольныя паказаць працэс развіцця тутэйшых ўяўленняў пра Долю(і). Ці была раней Доля(і) увасабленнем лёсу, якому падпарадкоўваліся багі (яу у архаічнай грэцкай традыцыі)? Вядомыя нам крыніцы паказваюць ужо даволі позні пласт уяўленняў пра Долю. У наш час мы маем справу з напластаваннем традыцый і сумяшчэннем вобразаў і функцый.

Згадкі пра тры долі, відаць, захаваліся і ў замовах. У тэкстах сустракаюцца згадкі пра “тры сястры”, “тры дзявіцы”, “тры панны”, “тры бабкі”, якія дапамагаюць людзям пазбавіцца ад хваробаў, то бок у пэўнай ступені выпраўляюць хібы лёсу. Гэта можна параўнаць з грэцкім арфічным гімнам, дзе мойры называюцца “збаўцамі смяротных у няшчасцях”.

Апісанні ў замовах перагукаюцца з апісаннямі багіняў лёсу ў іншых індаеўрапейскіх народаў, а таксама некаторыя дэталі ў замовых супадаюць з тым, што апісваецца ў паданні з запісаў Аляксандра Сержпутоўскага. Характэрна, што ў замовах занятак “трох сястрыц” часта звязваецца з прадзеннем, ткацтвам, вышываннем. Гэта адпавядае агульным індаеўрапейскім уяўленням пра багіняў, якія прадуць нітку лёсу чалавека. Таксама важна тое, што ў беларускіх замовах сцвярджаецца, што яны менавіта сёстры.

Прывядзем некалькі прыкладаў, дзе могуць утрымлівацца апісанні доляў:
1) “У полі стаіць тры дзявіцы да тры сястрыцы, а там царыца, а кала царыцы крыніца, а там цячэ рэчка” (БНТ, Замовы №184). У паданні з запісаў Сержпутоўскаг, долі таксама знаходзяцца каля ракі. А ў скандынаўскай традыцыі норны таксама звязаны з крыніцай – вадой з крыніцы Урд яны паліваюць карані Сусветнага Дрэва;
2) “На сінім моры ляжаў белы камянь, на том камяні сядзіць тры дзявіцы, і ўсі воны тры сястрыцы. Адна дзявіца шоўкам вышывала, а другая златам пабівала, а трэцяя паралогі і патніцы вымаўляла” (БНТ, Замовы №199);
3) “На гарэ на Сіяні, на раке на Ірдані стаіць дрэва купарэс. Пад тым дрэвам купарэсам стаяць сталы дубовыя, ні цясовыя; за тымі за сталамі за дубовымі, за ніцясовымі сядзяць тры сястрыцы, і дзявіцы-красавіцы, і прадуць красны разны шоўк. Прадуць, выпрадаюць і ўзоры набіраюць. Сястрыцы-дзявіцы, прадзіця красны разны шоўк, выпрадайця і ўзоры набірайця, і краснага шоўку на зямлю ні ўраняйця, і з зямлі ні падымайця!” (БНТ, Замовы №466). У паданні з запісаў Сержпутоўскага долі (прыгожыя дзявіцы) таксама знаходзяцца на гары каля ракі. “Дрэва купарэс” тут выступае ў якасці Сусветнага Дрэва. Характэрна, што скандынаўскія багіні лёсу норны таксама знаходзяцца каля Сусветнага Дрэва (Ігдрасіль);
4) “На тэй рэчцы белэй камінь, На ём тры дзявіцы. Яны шыюць краснаю нітачкаю,Нітачка парвалась – Кроў увырвалась” (БНТ, Замовы №467). Таксама прасочваецца сувязь з ракой;
5) “У полі стаіць святліца. У той святліцы тры сястрыцы. Адна тонка прала, другая громка ткала, трэцяя бела бяліла і ўдар гаварыла” (БНТ, Замовы №518);
6) “Зоры-зараніцы – божыя памачніцы, прыйдзіце на Сіяньскае мора; там сядзяць тры бабкі. Яны сядзяць, залатнічка дзяржаць да й вымаўляюць, на сваё места настаўляюць” (БНТ, Замовы №784);
7) “На сінім моры, в акеяне ляжыць бел камень, на тым камні сядзелі тры панны Ганны, красны шоўк маталі, кроў астанаўлялі” (БНТ, Замовы №464);
8) “Па крутой гарэ хадзілі тры панны Купанны, усякія зеллі ірвалі і звіх шапталі, і сустаў к суставу прыкладалі, і цела шкурай павалакалі, і ядрасць і вопух шапталі, і жылы кроўю палівалі, і рабу божаму помачы давалі” (БНТ, Замовы №527). У паданні з запісаў Сержпутоўскага долі таксама знаходзяцца на гары сярод кветак;
9) “У полі вішанька стаіць, пад той вішанькай тры панны сядзіць – ні ткаць, ні прасць, толькі зьвіх выцягаць, залаты хрэст настаўляць” (БНТ, Замовы №552). У гэтым варыянце таксама прысутнічае вобраз Сустветнага Дрэва, каля якога знаходзяцца багіні лёсу.

У запісах 7 і 8 згадваюцца імёны доляў – Ганна і Купана, але яны ўжываюцца па прычынне сугучча са словам “панна” і не адпавядаюць “язычніцкім” імёнам доляў. Уласна кажучы, Доля і ёсць тое “язычніцкае” імя.

Вобраз долі, натуральна, даволі важны ў вясельных, радзінных і хрэсьбінных абрадавых тэкстах. Аднак у беларускіх вясельных тэкстах адзначаецца, што Бог вызначаў долю маладым: “Хай жа Бог вас шчасцем і доляю спаткае!”, “Дай, Божа, маладым добрую долю!” і т.п. У падобных тэкстах мала гаворыцца пра ўдзел Долі ў вясельным абрадзе. Але, напрыклад, ёсць тэксты, дзе Доля сустракае маладую па дарозе да царквы: “Мар'янка к вянцу едзець, / Долічка ж яе ў вароціках стаіць”. Магчыма, што з цягам часу вобраз боства Долі знікаў, і яе функцыі перайшлі на Бога, ці вобраз Долі ў абрадавых тэкстах пачаў разумецца ў якасці мастацкага вобразу наканавання і згубіў сваю самастойнасць.

Таксама атрыбуты і функцыі Долі маглі перайсці і на народны вобраз Параскевы Пятніцы, якая была звязана з прадзеннем, дзетанараджэннем і вадой (крыніцамі) і на вобраз Багародзіцы. Вобраз Пятніцы ў паданнях падобны на вобраз багіні лёсу еўрапейскіх народаў у выглядзе старой жанчыны: “Стаіць старэнькая баба да такая старэнькая, што чуць-чуць на нагах трымаецца…Сунула баба праз вакно мо з копу верацён…”; “Баба старэнькая, зморшчаная, як сучок” (БНТ, Легенды і паданні №154-155).

Даследчык Мікалай Міхайлаў пісаў пра балта-славянскую рытуальную формулу: літ. laimė lėmė ("лайма (прад)вызначыла"); лат. laima nolemj (тое самае); славен. sojenice sodijo ("судзеніцы судзяць"). Гэты тэкст звязаны з нараджэннем дзіцяці і наступным вызначэннем лёсу жаночымі міфалагічнымі персанажамі. У гэтай формуле імя персанажа, які вызначае, і дзеяслоў вызначэння, закадзіраваны адным і тым жа коранем. Даследчык адзначаў, што падобныя формулы вельмі архаічныя і з'яўляюцца лінгвістычным адлюстраваннем ранніх пластоў міфапаэтычнага менталітэту.
Магчыма, што падобная рытуальная формула можа быць рэканструявана і на матэрыяле беларускага фальклору – "доля надзяляе". Рэхам гэтай формулы, напрыклад, могуць быць словы ў вясельных песнях:
- (Ад імя Бога) “А я ж буду доляй-шчасцем надзяляць”;
- “Сам Бог суды судзіць, Прачыста матушка перасуджвае”.
Матыў надзялення дзіцяці доляй яскрава прасочваецца ў радзінных і хрэсьбінных абрадах. Абрад падзелу “бабінай кашы” разглядаецца як абрад пераразмеркавання долі ў калектыве, што было неабходна пасля зменаў у структуры грамады (нараджэнне новага чальца супольнасці). Каша выступае ў якасці ўвасаблення агульнай долі ўсяго калектыву. Хрэсьбінную кашу неслі дамоў у якасці гасцінца для дзяцей. Такім чынам і кожнае дзіця супольнасці атрымлівала сваю частку агульнай долі. Па кашы таксама меркавалі пра будучы лёс і дабрабыт народжанага. Тут варта прыгадаць, што ў скандынаваў вядома так званая “каша норнаў” (nornagreytur) – абрадавая страва на радзіны. Гэта германскі аналаг беларускай “бабінай кашы”, а сама назва сведчыць пра сувязь з боствамі лёсу.

“Бабіну кашу” гатавала бабка-павітуха, таму абрадавая страва і атрымала такую назву. Увогуле, роля бабкі-павітухі ў нараджэнні важная не толькі ў практычным, але і сімвалічным сэнсе. Можна выказаць здагадку, што ў абрадах сімвалічнага надзялення доляй, бабка-павітуха (раней функцыі выконвала жрыца?) магла увасабляць саму багіню Долю, якая надзялала доляй народжанага, тым больш што вядомы апісанні, у якіх багіня лёсу выглядае старой жанчынай. Мойры, паркі, норны, ражаніцы, судзеніцы па сваіх функцыях, як сведчаць крыніцы, з'яўляюцца міфалагічнымі бабкамі-павітухамі. Беларуская Доля тут таксама не з'яўляецца выключэннем.

Прыведзеныя прыклады даюць падставы меркаваць, што Доля ў беларускіх фальклорных тэкстах гэта не толькі абстрактнае ўяўленне, а таксама багіня тутэйшага “пантэону”, якая узыходзіць да агульнаіндаеўрапейскага вобразу багіні лёсу.

Кароткае падсумаванне звестак пра Долю (тры долі):

Імя: Доля (асобныя імены трох невядомы)
Эпітэт: Тры сястры, Прахі, Тры дзявіцы, Тры панны, Тры бабкі
Функцыі: надзяляюць (па волі Бога?) доляй, вызначаюць лёс чалавека пры нараджэнні і сочаць за яго выкананнем; верагодна, што таксама вызначаюць лёс людзей ў шлюбе; дапамагаюць пазбавіцца ад хваробаў (выпраўляюць хібы лёсу)
Атрыбуты і выгляд: тэксты звычайна апісваюць у выглядзе маладых вельмі прыгожых дзяўчат (часам як старая жанчына); вянкі; прылады для прадзення, ткацтва, вышывання
Культавыя месцы: пагоркі каля ракі, крыніцы; месцы правядзення вясельнага і радзіннага абрадаў
Зміцер Скварчэўскі

  • 1
дык а чаму ж у падсумаванні ў "выглядзе" засталіся толькі дзеўкі, а бабак няма?)

Чаму ж знікла? Ёсць: "тэксты звычайна апісваюць у выглядзе маладых вельмі прыгожых дзяўчат (часам як старая жанчына)". І раней згавдаецца пра магчымы вобраз "тры бабкі".

  • 1