?

Log in

No account? Create an account
Папярэдні запіс Share Наступны запіс
Дзесяць адметных святых крыніц Беларусі
akno
zmicierbielapol
Як і ў выпадку са святымі камянямі складана вызначыць ступень адметнасці для святых крыніц, бо кожная з іх унікальная і значная для сваёй мясцовасці. Яны ўсе маюць сакральны статус і вада лічыцца гаючай, лекавай. Таму наступны спіс мае ў пэўным сэнсе ўмоўны характар. Паспрабаваў вылучыць святыні ў сукупнасці з іншымі прыкметамі.

1. Сіні Калодзеж ля в. Кліны каля Слаўгарада.

Гэта найбуйнейшая на Усходне-Еўрапейскай раўніне крыніца з патокам ўзыходзячага тыпу. Вада б'е з глыбіні 150-200 метраў. Калісьці крыніца, як гейзер, выкідвала ваду на вышыню роста чалавека. Не дзіўна, што такі ўнікальны прыродны аб'ект стаў значным культавым цэнтрам. Сёння на святкаванне Макавея (Мядовы Спас) 14 жніўня збіраюцца тысячы наведвальнікаў. З-за непрадуманасці дзеянняў людзей у час наведвання і дзейнасці вакол крыніцы гэты ўнікальны помнік пад пагрозай.

Здымак http://livingheritage.by

2. Крыніцы каля в. Шаршуны Мінскага р-на.

Крыніцы (налічваюць 14) б'юць з пагорку, на якім, як кажуць, правалілася бажніца. Там жа ёсць і святая хвоя, а не так далёка знаходзіцца знакамітая Лысая Гара. Гэта тэрыторыя водападзелу басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў. Пагорак з крыніцамі выступае як сімвалічнае увасабленне нябеснай гары, з якой сцякаюць рэкі.

Здымак http://www.pristalica.by

3. Крыніцы ў ваколіцах Крынічак Барысаўскага р-на.

Крыніцы ўтвараюць адзіны комплекс з гарадзішчам і курганамі на беразе ракі Сха. У крыніцах ўтвараюцца водна-пясчаныя патокі, якія ўвесь час варушацца, бурляць, перамяшчаюцца ў межах крыніц. Узнікае ўражанне, што яны жывыя і нібыта рэагуюць на моц гукаў каля яе. Калі голас гучней ці пляскаеш у далоні, то нібыта і крыніца актыўней варушыцца.


4. "Крыніца ля Багіні" каля в. Дубок Астравецкага р-на.
Крыніца на беразе ракі Вілія ўваходзіць у сакральны комплекс разам з касцёлам. Штогод адбываецца фэст у першую нядзелю ліпеня.

Здымак Radzima.org

5. Крыніца на Замкавай гары побач з Сафійскім саборам ў Полацку.
Крыніца здаўна ўшаноўваецца, а ў нашы дні набыла сучаснае стыльнае аздабленне ды яшчэ пэўны час таму да яе прыцягнулі аўтэнтычны ахвярны камень.

Здымак racyja.com

6. Крыніца Грэмяка каля в. Крывое Пастаўскага р-на.
Крыніца мае выгляд невялікага возерца, вакол якога выкладена кола з меншых камянёў, за якім пастаўлены больш вялікія камяні. Назва паходзіць ад таго, што вада там грэмела ўвесь час.

Здымак fotobel.by


7. Крыніца Бразгун каля в. Наркі Чэрыкаўскага р-на.

На свята Пятра і Паўла штогод каля крыніцы ладзіцца фэст, які звязаны з абрадам тыпу "Свяча". Распавядаюць, што пры з'яўленні вада вылятала з такой моцай, што грукат камянёў і струменяў вады быў чуцен за некалькі вёрст. Людзі спужаліся, пабеглі паглядзець што здарылася. Прыбеглі і ўбачылі цуд: з-пад зямлі б’е чысцюткая вада. Было чуваць размову: “як моцна бразгаюць камяні”; “Бразгае так, што далёка чутна”. Адсюль і назва – “Бразгун”.

здымак http://cherleshoz.by


8. Крыніца Окменіца на Браслаўшчыне.
Назва з літоўскай мовы прыблізна значыць "Камяністая". Шанаванай крыніцы ахвяруюць кавалкі тканіны.


здымак holiday.by

9. Юраўская крыніца пад Юр'евай Гарой у Віцебску.
Раней там стаяла невялікая царква, а ля крыніцы на Юр'ю адбываўся вялікі фэст. І цяпер народ не забывае пра святыню і актыўна наведвае крыніцу. Праўда сёння яна выглядае ўжо інакш. Зрабілі "кананічны" навес і купальню, паклалі плітку.

Здымак news.vitebsk.cc

10. Крыніца ў Вітаўцы Дзяржынскага р-на.
Вядомая крыніца асабліва ўшаноўваецца на свята Ўздзвіжванне. Паданне пра ўзнікненне крыніцы звязанае з баярынам Вітам, пад якім можа хавацца трансфармаваны вобраз вялікага князя Вітаўта. Мясціна так і завецца Вітаўка ці Вітавец.




 

  • 1
Дзякуй. Вельмі пазнавальна і цікава. Вы былі ля ўсіх гэтых крыніц?

Калі ласка! На жаль, наведаў толькі палову з пералічанага.

Дзякуй за псто. Сьцягну для англамоўнага блёгу, як не супроць.

Калі ласка са спасылкай. Папярэдне было яшчэ пра камяні: https://zmicierbielapol.livejournal.com/182839.html

Мо Вы нейкім чынам нешта ведаеце пра крыніцу недзе пад Волькай Ивацэвiцкага раёна? Гэта недзе на краi Выганашчанскага ландшафтнага заказнiка. Там за польскім часам была нейкая міні-капліца, у савецкі час знеслі, крынiца спынілася, але напрыканцы 1980-х зноў адчынiлася, не ведаю, ці надоўга, прыходзілі людзі. Тых, хто гэта памятаў, няма ў жывых. У інтэрнэце нічога не магу знайсці.

  • 1