?

Log in

No account? Create an account
Папярэдні запіс Share Наступны запіс
Купальская абрадавая дзея “Барана”
Tajmanava
zmicierbielapol
Што такое купальскі абрад "Барана", "Біцьцё бараны"? Што, як і навошта робяць? І чаму барана? Падсумаваў вядомыя звесткі.

***

“Барана”, “Біць барану” – гэта калектыўнае абрадавае дзеянне, якое заключаецца ў адначасовым выкананні рознасезонных каляндарна-абрадавых, а таксама сямейна-абрадавых песень. Найбольшая колькасць запісаў адносіць “Барану” у лік купальскіх абрадавых дзеянняў. На сёння вядомы некалькі геаграфічных кропак існавання “Бараны”: у яе траецка-купальскім прымеркаванні (Манастыршчынскі раён Смаленскай вобласці, Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці), у купальскім прымеркаванні (Докшыцкі, Полацкі і Ушацкі раёны Віцебскай вобласці, Кармянскі раён Гомельскай вобласці), у жніўным прымеркаванні (Круглянскі раён Магілёўскай вобласці, Духаўшчынскі раён Смаленскай вобласці). “Бараной” завяршаецца купальскае святкаванне, калі песні спяваюць ля вогнішча.
Навошта рабілі?
1) “каб было ўсё на будушчы год”;
2) дзеля засцярогі ад ведзьмы;
3) а з мэтай заклікання дажджу.
Асноўная і першасная мэта – гэта рытульнае праграмаванне і упарадкаванне году, асабістай і калектыўнай долі: “Ну, а тады пяюць, пяюць усе песні купальскія прапяюць. А тады нада “біць барану”. А якая жа барана? Вот гэта “барану б’юць”, вот песні: я пяю “купалку”, вы пеяцё “вяселле”, гэта жанчына пяець “хрэсьбіны”, тая пяець “жніва”. І ўсім нада, хто якую песню пяець. І гэта ўжо было названьне, што “барану б’юць”. І гэта дзействіцельна “барана” – той тое пяе, той тое пяець. Ну і ўсё. Вот вам і “барана”. Дык гэта ж было на паследак. І нада было ўсім гэдак песні піяць. Жанчыны, дзяўчата дагаворацца пяюць, каб абязацельна па адзельнасці хто пеў. Усе ўмесце стаяць. Ну, пяюць такую вот “барану”. А “барану б’юць”, вот за гэта, што нада было, каб была Купалка на будушчы год, каб было вясельле, каб былі хрэсьбіны, каб было жніво, каб было ўсё на будушчы год. Вот у смысле чаго напаследак гэту песню піялі – “барану”. (Зап. Уладзімір Лобач у Полацкім р-не).
Пасля такого тлумачэння няма нават што дадаць. Усё зразумела: пра што праспявалі, тое і будзе.
Як адзначае Таццяна Бярковіч (Песенна-гульнявыя дзеі перыяду сонцавароту ў этнамузычнай традыцыі беларусаў. Мінск, 2015), рытуальная форма ажыццяўлення дзеі “Барана” цалкам адпавядае форме і сродкам каляндарных бясчынстваў. Спяванне каляндарных песень “у круг”, як цудоўна адзначылі самі выканаўцы, нясе ўтоеную магічную функцыю музычнага бясчынства. Аналагічна адзначаным дзеянням, “Барана” стварае поле для ажыццяўлення “рытуальнага хаосу”, а як песеннае бясчынства становіцца фактам ахвяравання песенным парадкам і нормай, якія закладзены ў падмурку каляндарнай традыцыі.
Адметна, што купальская ноч характарызуецца свавольствам і бясчынствамі моладзі, якія разглядаюцца не толькі як уварванне іншасвету (гэтак жа сама, як у купальскую ноч актывізуюцца ведзьмы), але і як форма грамадскага рэгулявання (сімвалічнае пакаранне парушальнікаў ладу).
“Барана” як абрадавае бясчынства – гэта сродак усталявання парадку, хаос і разбурэнне, з якога ідзе новы пачатак, вынікам чаго з’яўляецца таксама абнаўленне і ачышчэнне. Невыпадкова, гэтая дзея адбываецца ў завяршэнні святкавання, калі купальская ноч з стыхійным разгулам завяршаецца і пачынаецца новы дзень з штодзённым усталяваным парадкам.
Як рабілі?
З апісанняў вынікае, што галоўнае дзеянне - гэта калектыўны спеў напрыканцы святкавання, хаця ёсць запіс, паводле якога “Барана” распачынала свята. Кожны спявае што хоча (але, відаць, пра тое, што яму патрэбна). У рытуальным беспарадку важна было не засмяяцца, не збіцца, давесці песню да канца. Каб здзейснілася. Таксама можна зрабіць выснову, што барана была неабходным атрыбутам, спяванне каля якога, і  пасля спальванне, было часткай абраду.
Чаму барана?
Назва дзеі дакладна паходзіць ад сельскагаспадарчай прылады: “Бараною барануіш у полі ў разные стораны, так і паюць! Хто сібе. Хто сваё, хто сабе”, “А пакуль да гэтага агня дайдуць, ідуць, і хто што пяець. Эта “Барана” называіцца. Барана – хто каго пераборыць. Хто сабе крычыць і ўсё!” (в.Дзедзіна Докшыцкага р-на).
Барана, як рытуальная прылада, выкарыстоўваецца ў шэрагу каляндарных і сямейных абрадах: Каляды, Гуканне вясны, Купалле, хрэсьбіны. Акрамя таго, барана мае выразную ахоўную сімволіку, што абумоўлена канструкцыяй (вострыя зубцы, краты, крыжападобная аснова).
Паводле апісання з Гродзеншчыны, з бараной абыходзілі вёску на Купалле, трымаючы яе над галавой. У вёсках Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці барану ставяць каля хлява, “каб змія не ўлезла”, а ў Бярозаўскім раёне яе спальваюць у купальскім вогнішчы. На Лоеўшчыне “на Івана Купалу збіраліся і пелі каля бараны. Яе цягалі на кладбішча”. У в. Мётча Барысаўскага р-на запісалі, што на Купалле дзяўчыны “барану цягнулі вакол вёскі голыя, каб жаніхі ішлі к нам у сваты”.
Як адзначае Уладзімір Лобач, "сімволіка бараны - андрагінная, дзейсна спалучае ў сабе жаночую (ромб) і мужчынскую (зуб) сімволіку, што акцыянальна рэалізуецца ў рытуальным сцэнары радзінаў - цяганьні бабкі-павітухі на баране" (падрабязьней: Бел. эрот. фольклор. М., 2006, с.96-97).
Акрамя таго, праз барану з дапамогай адмысловых дзеянняў у святочны час можна было пабачыць душы продкаў, а таксама нячыстую сілу, то бок позірк скрозь ячэйкі бараны – гэта сімвалічнае акенца ў іншасвет.
У такім рэчышчы абрадавае дзеянне “Барана” аб'ядноўвае: упарадкаванне долі, часу і прасторы (як барана ўпарадкоўвае поле); сімвалічны канал у іншасвет (праз які адбываецца рытуальнае ўпарадкаванне); ахова ад уздзеяння сілаў іншасвету (у час правядзення абраду і на ўвесь будучы год).
Таксама нельга не адзначыць парную сімволіку купальскіх атрыбутаў кола/барана. Кола – гэта не толькі салярны сімвал, але ў індаеўрапейскай традыцыі яно таксама сімвалізуе неба. Барана – гэта сімвал “хтанічны”, сімвал зямлі. Нельга не заўважыць, што барана па сваёй форме (квадрат падзелены на ячэйкі) адпавядае зямельным сімвалам ў арнаментах (таксама падзелены на ячэйкі ромб).
Рытуальнае знішчэнне рэчаў (спальванне кола; спальванне/ламанне/зацягванне на дрэва бараны) у час свята з’яўляецца адным з сімвалічных інструментаў сувязі і ўпарадкавання прасторы (злучэнне зямлі і неба), сродкам падтрымання сусветнага парадку ў перыяд летняга сонцастаяння, калі актывізуецца нячыстая сіла, дзень пачынае скарачацца, што значыць паступовае згортванне “свайго свету”.

  • 1
Усё слушна, але важна, што сімволіка бараны - андрагінная, дзейсна спалучае ў сабе жаночую (ромб) і мужчынскую (зуб) сімволіку, што акцыянальна рэалізуецца ў рытуальным сцэнары радзінаў - цяганьні бабкі-павітухі на баране. Падрабязьней: Бел. эрот. фольклор. М., 2006, с.96-97

Дзякуй! Дадам да нататкі.

скончыць спеў трэ адначасова, неабавязкова дапець песьню да канца

Тут я думаю, што залежыць ад варыянтаў запісаў. Бо ў Докшыцкім раёне адназначна сцвярджалі: "не збіцца, не рассмяяцца, а давесці сваю песню да канца".

І, адпаведна, узнікае лагічнае пытанне ў практычным вымярэнні. А ці магчыма у сітуацыі, калі спявае кожны сваё, скончыць спеў адначасова, калі песню даводзяць да канца? Бо ў кожнага ж сваю песня з адрознай працягласцю.

з уласнага досьведу - калі сьпяваем, а сьпяваем барану цягам 16 гадоў, трымаемся за рукі, каторая скончыла спяваць, цісне за рукі сваіх паплечніц, і ланцугом той поціск перадаецца. Прынамсі 25 сьпявачак спыняюцца практычна адначасова... ну, варыянты канешне паўсюль свае, розная ступень захаванасьці, час фіксацыі, узрост інфарматара і т.п.

А ці маеце аўдыё/відэа запісы бараны са смаленшчыны, магілёўшчыны, гомельшчыны... бо я чула толькі гэты вузкалакальны рэгіён на памежжы Полаччыны, Лепельшчыны, Вушаччыны, раскід вёсак не такі вялікі, каля 15 км. Ну і цікавы факт таго, што спявалася на грудку (кургане) ускрай могілак... вёску зараз не прыгадаю, але раён Полацкі, з запісаў Рэгіны Гамзовіч, мо Уладзь лепш ведае

Запісаў не маю. Чытаў у Бярковіч і ёсць яшчэ адзін расійскі артыкул. Назву толькі сходу не прыгадаю. А яшчэ ў зборніку "Голос і рітуал" ёсць артыкул, дзе згадваюцца пра нейкія паўднёвыя (але не называюцца) раёны ці то Расіі, ці Украіны, дзе на Купалле таксама штосьці падобнае на "Барану" адбываецца, толькі там не спяваюць, а утвараюць нейкі шум, крык. Гэта калі нічога не блытаю.

А пра досьвед - гэта вельмі цікава. Жывая практыка. Але, калі верна разумею, так робіцца, бо самі выпрацавалі такую зручную для сябе форму, ці грунтаваліся на нечым?

У нашым Купаллі, грунтуючыся на докшыцкіх запісах, усе даводзяць сваю песню да канца. Мы абмяркоўвалі раней, як рабіць. Падаецца лагічным, што трэба завяршыць, каб здзейснілася так, як спявалася - ад пачатку і да канца. А калі абарваць - дык мо і не будзе? Ці будзе, але не так.

з відэа і аўдыё запісаў Рэгіны Гамзовіч узялі- "Купальле на Полаччыне" ("Радавод")ды з каментаў... жанчыны казалі, што трэ скончваць сьпеў адначасова, а каторая працягне, першай памрэ... у аўдыёзапісах чуваць у канцы бараны - "сціхні ты" да жанчыны, што працягвае сьпяваць, калі ўсе спыніліся. Жанчыны з вёсак Мураўшчына, Ухвішчы Полацкага, здаецца)

... пра ўласны досьвед, тут хутчэй пра колькасьць сьпявачак, якія могуць адначасова спыніць сьпеў, калі трымацца за рукі... агулам вельмі традыцыйна за рукі трымацца пад час сьпеву )
у нас звычайна самая даўгая купальская, як скончыцца, то мусяць спыніцца ўсе, па дамоўленасьці, а калі ў каго песьня карацейшая, сьпяваюць паўторна... карацей, па-рознаму... інтуітыўна ўсё )

Ох, гэтая варыятыўнасць традыцыйнай культуры) Цяпер думай, як было ад пачатку, і як трэба))

  • 1