?

Log in

No account? Create an account
Папярэдні запіс Share Наступны запіс
Каля Упірэвічаў быў лекавы дуб
akno
zmicierbielapol
Упірэвічы слаўныя сваёй гісторыяй, але мы ведаем далёка не ўсе цікавыя старонкі мінулага вёскі. У красавіку 2009 года пашчасціла пазнаёміцца з мясцовым жыхаром Уладзімірам Сцяпанавічам Касьянавым, які нарадзіўся ў 1928 годзе. Ён распавёў пра адну невядомую раней цікавостку з вясковай гісторыі.
Уладзімір Сцяпанавіч прыгадаў, што калісьці на полі каля Упірэвічаў рос вялізны дуб, які ўшаноўваўся мясцовымі жыхарамі і лічыўся лекавым. Паводле ўспамінаў, дрэва маглі абхапіць толькі пяць чалавек. А гэта сведчыць пра даволі значны ўзрост дуба ў некалькі стагоддзяў! У сярэдзіне ствала была скразная выпаленая адтуліна, якая, відаць, утварылася ад удару маланкі. Як казаў Уладзімір Сцяпанавіч, яе памеры былі “метра два на два з палавінай”; два чалавекі маглі там прайсці і не закрануць сценкі.

Поле каля в. Упірэвічы Барысаўскага раёна. Магчыма, шанаваны лекавы дуб рос недзе тут.

Дуб быў упрыгожаны ахвяраванымі ручнікамі (“былі два ці тры”), а таксама на ім віселі дзве маленькія іконы. Уладзімір Сцяпанавіч узгадваў, што крыжоў побач з дрэвам не было, а крыж стаяў асобна каля дарогі.
Лічылася, што дуб дапамагаў пазбавіцца ад хваробаў, асабліва дзяцічых. Напрыклад, калі ў дзіцяці моцна балеў жывот, яго прывозілі да дуба, два-тры разы праводзілі скрозь адтуліну, пасля там распраналі і спальвалі каля дуба вопратку хворага. Так пазбаўляліся і ад іншых хваробаў.
Між іншым, працягванне хворага праз адтуліну дрэва і спальванне яго вопраткі – гэта вельмі архаічная практыка, якая мае карані ў паганскім мінулым. І сёння паміж вёскамі Гумны і Вялікае Гародна Крупскага раёна, недалёка ад мяжы з Барысаўскім, расце лекавая хвоя з вялікай адтулінай каля камля. Лічыцца, што дрэва асабліва дапамагае жанчынам, у якіх ёсць праблемы з цяжарнасцю. Хвою актыўна наведваюць і сёння, пралазяць праз адтуліну і пакідаюць частку вопраткі.
Дуб, бадай, ці не самае сакральнае дрэва беларусаў, якое уважалася за дрэва Перуна. Увогуле лічылася, што дуб мае выдатныя лекавыя якасці, бо само дрэва вельмі моцнае, трывалае і даўгавечнае, а таму здольнае перадаць свае ўласцівасці чалавеку. У беларускіх лекавых замовах дуб згадваецца найчасцей за іншыя дрэвы.
Незвычайны дуб каля Упірэвічаў перажыў шмат стагоддзяў, аднак пры савецкай уладзе, калі быў створаны калгас, лекавае дрэва было знішчана. Сёння ад яго няма і сляда ў чыстым полі. Унікальны помнік прыроды і духоўнай культуры захаваўся толькі ў памяці мясцовых жыхароў.


Крыніца: Скварчэўскі, Зміцер. Каля Упірэвічаў быў лекавы дуб / Зміцер Скварчэўскі // Гоман Барысаўшчыны. – 2017. – №11 (224). – С. 4.

  • 1
Цікавая назва ў вёскі. Ці то гаворка пра вампіраў, ці то аб прысваенні чужой уласнасці…)

Мясцовыя кажуць, што ад імя пана Пірэвіча, які там жыў. Але дакументы такога не ведаюць)) Там Свіды жылі. Увогуле старая вёска. Там і гарадзішча жалезнага веку на ўскрайку, і на млын быў, і палац, і царква, і на мясцовых могілках знайшоў надмагіллі 17 стагоддзя.

Па распаўсюджанай версіі назва звязана з літ. upe - рака.


Хм, неяк я адразу пра "upe" не падумаў у сваіх спробах пажартаваць. Дарэчы, у Жлобінскім раёне ёсць Пірэвічы.

  • 1