?

Log in

No account? Create an account
Папярэдні запіс Share
Князь-камень: пра што сведчаць знакі?
mir
zmicierbielapol

Паспрабаваў разабрацца, што за знакі выяўлены на паверхні камня Князь у Барысаўскім раёне.

Крыніца: Скварчэўскі, Зміцер. Князь-камень: пра што сведчаць знакі? / Зміцер Скварчэўскі // Гоман Барысаўшчыны. – 2018. – №6-8 (231-233). – С. 5.

***

У ранейшых публікацыях, якія прысвячаліся Князь-камню ў ваколіцах в. Бярозаўшчына, ужо адзначалася прысутнасць на яго паверхні нейкіх знакаў, аднак дагэтуль не было апісання і тлумачэння іх сэнсу. Паспрабуем прыадчыніць таямніцу сімвалаў на вядомым сакральным валуне Барысаўшчыны.
Камень з двух бакоў на сваёй паверхні мае некалькі высечаных знакаў, якія прадстаўлены літарамі, лічбамі і сімвалічным выявамі. Па ўсёй верагоднасці, яны былі створаны ў розныя часы рознымі людзьмі, пра што сведчыць розны почырк, глыбіня і памеры высечаных ліній. Для дакладнасці адлюстравання на фотаздымках знакі былі прамаляваныя вуголлем.


Амаль усе выявы змяшчаюцца на цэнтральнай пляскатай паверхні Князь-камня. Сярод іх найбольш выразна вылучаецца дата “1871 г.” і ініцыялы “Г.В.”. Дата высечана ў цэнтры, а ініцыялы – справа ад даты, пры гэтым надпіс фактычна зроблены ў адзін радок.
Пад датай у два радкі таксама прасочваюцца літары, але з-за кепскай захаванасці пакуль не ўяўляецца магчымым правільна зразумець надпіс. Не ўсе лініі можна разгледзець. Трэба яшчэ раз падкрэсліць, што выяўленыя надпісы маюць розную стылістыку і спосаб выканання, то бок яны ствараліся не адначасова.
На бакавой паверхні валуна таксама ледзь бачны два сімвалы: адзін нагадвае лацінскую літару P, а другі – крыж у коле (праўда, няма ўпэўненасці, што гэта дакладна). Апошні знак даследчыкі звычайна адносяць да салярных сімвалаў. Варта адзначыць, што і гэтыя знакі таксама былі створаныя ў розны час рознымі людзьмі, бо маюць розныя памеры і глыбіню ліній. Можна асцярожна выказаць меркаванне, што крыж у коле з’яўляецца самым старым знакам сярод іншых, што змяшчаюцца на паверхні валуна. Магчыма, ён звязаны з першапачатковымі міфалагічнымі ўяўленнямі пра Князь-камень і яго старажытнымі культавымі функцыямі.

IMG_1588.JPG
Цікава, што і сёння людзі не забываюць пра Князь-камень: наверсе пад хваёвымі іголкамі ляжалі сучасныя беларускія манеты, якія нехта пакінуў у якасці ахвяравання.


Такія папярэднія вынікі агляду сакральнага валуна. Не трэба выключаць, што пры больш уважлівым і дасканалым вывучэнні паверхні можна выявіць іншыя знакі і ўдакладніць ужо выяўленыя.

Калі вяртацца да надпісу “1871 г. Г.В.”, то, на маю думку, ён зроблены адным чалавекам у адзін час. Пра гэта кажа агульная стылістыка і спосаб выканання. Увогуле, надпісы кшталту “тут быў я” з’яўляюцца даволі распаўсюджанымі яшчэ з часоў Сярэднявечча. Людзі імкнуліся пакінуць памяць пра сябе там, дзе яна можа захоўвацца стагоддзямі: на сценах грамадзянскіх і сакральных пабудоў, камянях. Хто ж мог пакінуць надпіс на Князь-камне?

no title



Дазволю сабе выказаць адно меркаванне. Надпіс зроблены даволі прыгожым почыркам; бачна, што ён рабіўся грунтоўна, на гэта быў выдаткаваны пэўны час. Гэта сведчыць, што выканаўца ці замоўца меў для гэтага здольнасці і магчымасці. З улікам таго, што Князь-камень знаходзіўся на прыватнаўласніцкай зямлі, то для падобных дзеянняў была б патрэбна згода гаспадароў. Як сведчыць “Спіс землеўладальнікаў Мінскай губерні за 1876 г.”, у той час маёнтак Мсціж, у які ўваходзіла зямля з Князь-камнем, належыў Сафіі Валовіч, якая была замужам за Генрыхам Валовічам. На мой погляд, ініцыялы “Г.В.” якраз і належаць Генрыху Валовічу. Надпіс зрабіў ці ён сам, ці быў зроблены па яго загаду на памяць пра пэўную важную падзею ці проста ў час наведвання маёнтка альбо самога валуна. Такім чынам сімвалічна замацавалася “вечнае” валоданне сям’і Валовічаў гэтай зямлёй.
Як бачна, Князь-камень – гэта не толькі помнік прыроды, але яшчэ помнік духоўнай культуры, эпіграфікі і незвыйчайная гістарычная крыніца.

  • 1
  • 1